Яны абаранялі Радзіму

Дзяшук Аляксандр  Іванавіч

(Звесткі ўзяты з асабістых     успамінаў Аляксандра Іванавіча)

 

Прайшло ўжо 30 гадоў, многа чаго не помню, забылася, усе напісаць немагчыма, неабходна цэлая кніга. Трэба было гэта ўсё перажыць, перанесці гэтыя нечалавечыя цяжкасці, холад, часамі і голад, баі, засады, трывожныя ночы. А самае цяжкае  –хаваць сваіх сяброў, маладых хлопцаў, з якімі разам ішлі ў бой, а яны загінулі ад варожых куль. А вось у атрадзе, у баі ўсе былі самыя блізкія, родныя,  як браты, усе сталі адзін за адного. А цяпер прыходзілася браць лапату і сыпаць на яго цяжкую сырую зямлю. Колькі на гэта неабходна нерваў, душэўных мук. І прайшло 30 гадоў. Глядзіш тэлевізар, а душа ніяк не ляжыць да гэтага фрыца і яго мундзіра, а таксама да паліцая. Людзі патаналі ў слязах, а яны жылі, білі, расстрэльвалі для свайго дабрабыту, не думаючы аб іншых, аб будучым.

  Даваеннае жыццё Дзешука Аляксандра  Іванавіча

Дзяшук Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ён у 1921 годзе ў вёсцы Трасцянка Навагрудскага раёна, Баранавіцкай вобласці, у сялянскай сям’і. Сям’я была небагатая, мнагадзетная. Бацькі яго былі вельмі працалюбівымі, добрымі, яны служылі яму сапраўдным прыкладам. З малых гадоў ён пазнаў нялёгкую ў той час сялянскую працу. У сям’і было пяцёра дзяцей: дзве дачкі і трое сыноў (Еўдакія, Зоя, Фёдар, Аляксандар, Сяргей). Ва Уселюбскай школе атрымаў чатырохгадовую адукацыю (Дадатак 1).

     Напярэдадні нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз быў пасланы па камсамольскай пуцёўцы райкама ВЛКСМ на сакрэтнае важнае будаўніцтва каля нямецкай граніцы, будавалі крэпасці. Працаваў на 25 ВСУ, нумар вайсковай часці 9868. 17.09.1940 быў звольнены для прызыву ў армію па месцы жыхарства ў Навагрудскі район. Маецца даведка таго часу, завераная подпісам і пячаткай начальніка. На дзень нападу Аляксандр Іванавіч Дзяшук знаходзіўся ў в. Трасцянка ў распараджэнні партыйнай арганізацыі, сакратаром якой быў ляснічы Хабараў.

 

Баявы шлях Дзешука Аляксандра Іванавіча

Першы партызан Навагрудчыны, камандзір разведкі атрада “Арол” Кіраўскай брыгады Лідскага міжрайцэнтра Баранавіцкага злучэння з 5 мая 1942 года па 8 ліпеня 1944 года. Прыняў прысягу беларускага партызана .

Дзяжурылі пры Уселюбскім сельскім савеце па высадцы дэсанта, падвозілі раненых у бальніцу. Затым Аляксандр Іванавіч садзейнічаў пры адступленні нашых войск больш акольнымі прасёлачнымі дарогамі і лясамі.

Адну воінскую часць, колькасцю 150 чалавек, Дзяшук Алксандр Іванавіч, Хітро Вініямін і Хітро Леанід дапамагалі пераправіць праз раку Нёман, каля вёскі Ляхавічы, на Налібокскую пушчу. Камандзір гэтай часці сказаў,што каля вёскі Генюшы яны схавалі лішнюю зброю, указаў прыкметы ў лесе,сказаў,што яна спатрэбіцца. Вярнуўшыся, Аляксандр Іванавіч і яго група, знайшлі гэтую зброю, узялі аўтаматы, вінтоўкі, пяць тысяч патронаў. Усё гэта перанеслі  да хутароў, у лесе схавалі. Тры аўтаматы Аляксандр Іванавіч хаваў у сябе дома: адзін – у хляве, а два – у каморы ў сцяне.

Затым партызаны выгледзелі, што ва Уселюбе ў гарнізоне ў старой школе стаяла 400-літровая бочка аружэйнага масла. У снежні 1941 года быў снег, мяцеліца, Аляксандр Іванавіч запрог  коней. І калі прыцямнела, фрыцы і паліцыя пайшлі ў сталовую, група партызан закаціла яе на воз і вывезла ў Трасцянку на хутар. Назаўтра шукалі немцы па ўсёй вёсцы, згубілі след і не знайшлі.Партызаны ўсю вайну карысталіся гэтым маслам для чысткі зброі.

У 1941 і пачатку 1942 года ён наладжваў сувязь з актывам і ваеннапалоннымі, якія засталіся ў гаспадароў пад відам зняволеных. Камандаваў гэтымі партызанамі Радзецкі Міхаіл з в. Пудзіна Лідскага раёна. Гэта стары падпалкоўнік, камуніст, 1922 года нараджэння. Пры Польшы неаднаразова быў арыштаваны, сядзеў у турме 6 гадоў у Картуз-Бярозе.

У 1939 годзе працаваў у Лідзе старшынёй райвыканкама. З прыходам немцаў ён скрываўся на Пудзінскіх хутарах.

Ён звязаў Дзешука Аляксандра Іванавіча з Курыламі Фёдарам, Генадзем, Яўгенам, Пудро Іванам з вёскі Драздова Лідскага раёна, а таксама з Брылём Васілём з Бярозаўкі, механікам шклозавода, Жутам Сяргеем з вёскі Агароднікі.

У Радзецкага Аляксандр  Іванавіч і іншыя партызаны атрымлівалі кансультацыі і франтавыя звесткі, таму што ў яго быў радыёпрыёмнік, і ён рэгулярна прымаў зводкі савецкага Інфармбюро. Партызаны ставілі сваёй мэтай арганізаваць узброенае паўстанне. Праз сувязных даведаліся, што 6 мая немцы павінны рабіць аблавы, забраць усіх у палон, у лагеры і набіраць моладзь. Партызаны выйшлі 5 мая 1942 года. Да канца мая сабралася 58 чалавек, з якіх амаль палова была ўзброена ўласнай зброяй партызан. Тыя, што прыйшлі тады, асабліва мясцоыя, былі сапраўднымі патрыётамі, таму што ход ваенных дзеянняў быў яшчэ невядомы , і фронт рухаўся наперад, на Усход. Усе прыбылі на Пудзінскія хутары пад камандаваннем Радзецкага Міхаіла. І пачаліся ваенныя дзеянні. Мэта партызан была наступная: знішчыць дробныя гарнізоны, малаказборачныя пункты, не дапускаць здачы немцамі скаціны, збожжа, узяць пад кантроль мельніцы, знішчаць на сёлах гміны, рваць масты, чыгуначныя  дарогі, дыверсіі ўсякага роду. Карацей гаворачы, не даваць немцам спакою, шкодзіць на кожным кроку, рабіць засады.

Першы бой, у якім удзельнічаў Дзяшук Аляксандр Іванавіч, быў у Бярозаўцы. Усе дадзенныя і сувязь партызаны ажыццяўлялі праз Брыля Васіля. Камендант паліцыі Волкоў паведаміў ім, калі ён паедзе ў Навагрудак. З сабой ён бярэ 15 лепшых паліцаяў, а астатнім дае каманду займацца спортам сярод дня каля гарнізона. Усіх было 50 чалавек. У гэты час партызаны на іх напалі і забілі 10 чалавек, а астатнія хто-куды ўцякалі. Узялі 7 вінтовак, абмундзіраванне, пячатную машынку. Усё раскідалі. Забралі грошы, масла, смятану, папяросы, і пайшлі ў лес. Хутка з Навагрудка прыбылі 300 чалавек немцаў, пабылі некалькі гадзін, сабралі недабітых   і паехалі назад.

А партызаны на машынцы друкавалі лістоўкі і распаўсюджвалі іх сярод насельніцтва.

Бой у Дакудава. Там сакратаром гміны працавла Гузоўская Люба, Дзяшук Аляксандр Іванавіч быў з ёй звязаны. Яна атрымлівала ўсе звесткі аб гарнізоне і падзеях. У маі 1942 года сярод ночы напалі на гарнізон. Сутычка адбылася на вуліцы, узялі жывымі намесніка каменданта, астатнія паліцаі разбегліся. Намесніка каменданта Дайко Ніна закалола штыком, таму што ён быў вельмі подлы і здекаваўся з людзей.

Былі разбіты гарнізоны ў в. Генюшы, Налібаках, Морына, Зенявічах, Ацмінава, Рахаўцы, Мінойтах і інш.

У чэрвені 1942 года зрабілі засаду каля самай Бярозаўкі. Ішоў легкавы аўтамабіль з камісарам і 2 грузавыя крытыя машыны з аховай. Пакуль падаспелі партызаны, легкавая машына праскочыла, а па грузавых стралялі, загінула 15 фрыцаў, шмат было раненых.

Ліпень 1942 года. Засада пад Мінойтамі, удзельнічала 30 чалавек. Залеглі ў сасонніку каля дарогі. Ішлі грузавыя машыны з фрыцамі і паліцаямі. Дала чарга з ручнога кулямёта. 10 чалавек забілі, астатнія ўцяклі ў лес, машыну спалілі.

7 ліпеня 1942 года 60 партызан (сярод іх быў і Аляксандр Іванавіч Дзяшук) пайшлі пад в. Беліца Лідскага раёна. Там знаходзіўся Варашылаўскі атрад, камандзірам быў Макараў Пётр, іх было чалавек 70. Ноччу група партызан пайшла да лесніка, ён абяцаў даць пару вінтовак. Напароліся на часавых, завязалася перастрэлка. У лесніка было чалавек 30 паліцаяў. Партызаны былі размешчаны недалёка ў лесе. Хутка падаспелі на выручку паліцаі, кінуліся ў накірунак, дзе былі партызаны. 15 чалавек паліцаяў былі забіты, астатнія разбегліся. Прыкладна ў жніўні 1942 года з’явіўся атрад Громава колькасцю 60 чалавек. Перабілі ахову на мосце Ліда-Наварудак на р. Дзітва даўжынёю 83 метры і спалілі яго. Таксама быў спалены мост праз р. Нёман у Збойску. Сіламі партызан ахова была перабіта і спалены мост даўжынёю 360 метраў. У Бердаўцы немцы хацелі ўмацаваць гарнізон, але партызанам гэта вельмі перашкаджала. Там быў лесапільны завод, рэзалі шпалы на чыгуначныя дарогі і рабілі сані на фронт. Гэты завод партызаны спалілі, спалілі 5000 шпалаў і 360 падрыхтаваных парных саней для фронту. Тым самым партызаны для сябе абяшкодзілі раён дзеяння. Па чыгуначнай дарозе Наваельня-Ліда разабралі рэльсы ключамі і адвялі ўбок. Было шмат забітых і параненых.

У кастрычніку 1942 года гарнізон у Бярозаўцы аднавілі. Партызаны даведаліся, што 10 чалавек літоўцаў будуць ехаць у Навагрудак атрымліваць зброю і патроны. Партызаны зрабілі засаду за Оркавічамі. Калі немцы ехалі ў Навагрудак, то іх прапусцілі, вырашылі чакаць іх на зваротным шляху. Аказваецца, засаду партызан прасачыў солтыс (стараста) Кісня з Оркавіч і далажыў ім. Паліцаяў  было 45 чалавек і ўсе добра ўзброеныя. Завязаўся моцны бой. Немцы адцяснілі партызан. Сярод партызан быў адзін забіты і некалькі раненых. А немцаў 10 чалавек забілі і многа ранілі.

Да зімы 1943 года чалавек 30 партызан пайшлі ў Налібокскую пушчу, а астатнія на чале с Дзешуком А.І. далучыліся да атрада “Іскра”, які дзейнічаў у Лідскім раёне. Далучылася падрыўная група ў колькасці 12 чалавек, якая прайшла 6-месячную падрыхтоўку па барацьбе ў тыле ворага. Атрад  ужо даходзіў да 200 чалавек.Узяліся за ўзрыў мастоў, чыгуначных дарог і іншых аб’ектаў. Першы ўзрыў партызаны правялі на чыгуначнай дарозе Ліда-Гаўя-Мінск. Падабралі высокі насып, захапілі ахову, укапалі міну паміж рэльсаў, пазванілі ў Ліду, сказалі, каб выйшаў цягнік. Чалавек  150 партызан адышлі ў лес, цягнік  наехаў на міну і ўзляцеў. 460 чалавек было ранена і каля  1000 чалавек было забіта.

 Затым яшчэ ўзарвалі адзін эшалон пад Фількавічамі, яшчэ раз – непадалёк ад Гаўя. Аляксандар Іванавіч удзельнічаў у гэтых усіх узрывах, дапамагаў закладваць міны.

Рэйкавая вайна. У пушчу скінулі нашы 8000 шарыкаў для падрыву чыгуначнага палатна. Было дадзена заданне: у адну ноч,у адзін час усім партызанам падлажыць шарыкі пад рэльсы і ўзарваць. Была размеркавана дарога ад Ліды да Мінска, стварылі апорныя пункты, бункеры, ставілі па 10-15 аўтаматчыкаў, падкладвалі шарыкі і ўзрывалі. Кожны партызан браў па 2-3 шарыкі і павінен  быў залажыць адзін шарык пад адну рэйку. Гэты шарык перабіваў  рэйку ўзрывам.Такую місію выконвалі з годнасцю і  амаль без страт.

19 жніўня 1943 года адбыўся бой  з белапалякамі. Каля 500 чалавек пераправіліся праз Нёман за Бярозаўкай, чалавек 350 пайшлі праз в. Пудзіна. У в. Пудзіна спалілі 10 хат, расстралялі 14 чалавек мірных жыхароў, а затым праз Васілевічы на Альхоўку. А 100 чалавек пайшлі ў абход праз Журавельнікі, Межнікі на Бердаўку і Крывічы. Тыя, што ішлі на Альхоўку, уступілі ў бой. Да іх далучыўся атрад “ Іскра”, дайшло да рукапашнага бою. 100 чалавек немцаў сутыкнуліся ў в. Генюшы з разведкаю Аляксандра Іванавіча ў складзе 15-ці чалавек. Двух разведчыкаў забілі: Пісара Івана і Бесараба Сямена, а аднаго ранілі двойчы. Затым па дарозе на Крывічы сутыкнуліся з партызанамі і захапілі жонку доктара Кру Элю. Яе замучылі, вырвалі валасы, абрэзалі грудзі, павыкручвалі рукі. Пайшлі на в. Крывічы. Але немцы пайшлі ў Альхоўку, спалілі 10 хат. 12 чалавек партызан, сярод іх і Дзяшук А.І, выдзеліліся з атрада “Іскра”,  паколькі гэта ўжо быў вельмі вялікі атрад. Яны арганізавалі новы атрад  “Арол”, а дзейнічалі, калі разам, а калі – паасобку.

У кастрычніку 1943 года адбыўся бой з казацкімі  ўласаўцамі. Напалі чалавек 600 на вёску Нізаўцы. У бой з імі ўступіла брыгада імя Дзяржынскага атрадаў Мельнікава, Катоўскага. Уласаўцы падпалілі вёску Нізаўцы і выйшлі ў бок вёсак Марцулі, Зенявічы, Лаўскія. Дзяшук Аляксандр Іванавіч з разведкай падаспелі з боку Лаўскіх. Коней паставілі ў лесе за ўзгоркам і пайшлі ў бой. Уласаўцы левым флангам наступалі, чалавек 80 нашых прыціскалі. Але своечасова падаспела брыгада Аляксандра Іванавіча. Зброя ў іх была добрая. Тут і  сустрэлі ворага як патрэбна. Адзін хлопец з дзяржынцаў Касцюк Уладзімір быў паранены ў калена. Казакі вось-вось прыбліжаліся! Але Дзяшук А.І.  падбег да яго пад прыкрыццем нашых разведчыкаў. Хлопец учапіўся яму за шыю, і ён цягнуў яго метраў за 100 на плячах. Затым зрабілі перавязку. Казакоў адбілі, яны адступілі, было многа забітых і раненых. Раніцай адправіліся на павозках у пушчу ў шпіталь.

У снежні 1942 года ваенная часць немцаў у колькасці  13 чалавек прыбыла ў вёску Дакудава на адпачынак. Размясціліся ў школе і былой гміне. Дзяшук А.І. і яшчэ 25 партызан  прыбылі ў в. Пудзіна разам з Радзецкім і астанавіліся ў яго дома. А ў школе было 2 партызаны з іх атрада, жылі ў настаўніцы, а яна пра іх нічога не ведала, 5 партызан пайшлі да Кіслі Мішкі, занялі крайнюю хату, насупраць школы.

І ў 10 гадзін раніцы 150 чалавек немцаў акружылі вёску, напалі на школу і далажылі, што ў школе партызаны. Тыя ўступілі ў бой і абодва загінулі. Школу падпалілі, а вёска засталася.

Пад восень 1943 года Кіраўская брыгада атрада “Іскра”, Дзяшук А.І. з разведкай зрабілі засаду паміж вёскамі Пудзіна і Бярозаўкай. Гарнізон у Бярозаўцы скампраментавалі з в. Васілевічы. Далажылі, што некалькі партызан у в .Васілевічы вядуць сябе непрыстойна. Фашысты пагрузіліся на дзве машыны на чале с камандзірам па клічцы “Белы”,  усяго 33 чалавекі. Партызаны падпусцілі іх блізка, выстралілі па два разы і забілі 28 паліцаяў. Камандзіра і паліцэйскага Дзенічэвіча ўзялі ў палон раненымі, двух жывымі, машыны знішчылі.

У снежні 1943 года за два дні партызаны  даведаліся, што немцы і паліцаі рыхтуюцца на выезд у партызанскую зону. Іх было больш за 1000 чалавек.   Камандаванне, брыгады атрадаў і сувязныя раіліся,  якія прыняць меры. Сувязныя і насельніцтва атрымалі загад не аказваць супраціўлення. Партызаны выйшлі за р. Нёман, каб не было ніводнага чалавека . Было вырашана, што немцы пройдуць партызан, не сустрэнуць і вернуцца назад, а атрымалася наадварот.  Праўда, партызаны выйшлі. Адны – у в. Бурносы за р.Нёман, другія – за в. Ляхавічы за р. Нёман. Дзяшук А.І. і яшчэ 4 разведчыкі дакладвалі аб падзеях. На світанку фрыцы акружылі в. Малочкі, в.Дзетамлю і в.Ацмінава  і адразу запалілі ўсе тры вёскі. З в.Бердаўкі забілі Бяляўскага, з в.Ацмінава ўсю сям’ю Лапцевых ( 5 чалавек) , з в. Дзетамля 2-х Гудзянёў. Было паведамленне камандавання, але фрыцы толькі праз 2,5 гадзіны аставілі вёскі.

У жніўні 1943 года 30 чалавек паліцаяў і немцы ноччу акружылі ў в. Слачва дом Рахавецкага, забілі ўсю сям’ю і падпалілі пабудовы. Перайшлі да хаты Дзешука А.І.

Тыдні праз два гэтага каменданта забілі пад Навагрудкам у Літоўцы, але не за сувязь з партызынамі.

Агульныя звесткі

 Партызаны дзейнічалі ў    асноўным у  Лідскім і Навагрудскім раёне. Тут знаходзіліся Кіраўская брыгада (5 атрадаў) і Дзяржынская брыгада. Яны належалі Лідскаму міжрайцэнтру, які быў размешчаны ў Налібокскай пушчы. У міжрайцэнтры было 12 брыгад,  кожная ў сярэднім – 1200 чалавек. Камандуючым міжраёнцэнтра быў Ганееў па клічцы “Сокал”. У Налібокскай пушчы знаходзіўся і абласны Баранавіцкі цэнтр. Камандуючым быў Чарнышоў. Выпускаліся газеты і лістоўкі. У пушчы, у цэнтры была расчышчана паляна пад аэрадром, ахоўвала 170 чалавек. У пушчы быў шпіталь, дзе штодзённа знаходзілася 200–220 чалавек раненых. Цяжкараненых адпраўлялі за фронт. З -за фронту атрымлівалі медыкаменты, часткова зброю і боепрыпасы, але ў малой колькасці. У міжрайцэнтры была рацыя.

У 1944 годзе яшчэ было шмат аперацый. А.І. Дзяшук займаўся ў асноўным разведкай. У яго атрадзе была спецгрупа – дэсант  у разведцы.

У апошнія дні нашы атрымлівалі ўсе дадзеныя: куды, як і якія часці адступалі, дзе яны сканцэнтраваны. Гэта была вельмі важная інфармацыя.

8 ліпеня нашы часці вызвалілі г. Ліду. Фронт пайшоў далей, а А.І.Дзяшук са сваёй групай выконвалі заданне па ачышчэнню раёна ад астаткаў разбітых часцей фрыцаў. За 2 дні набралі 4000 палонных. Не забівалі, а тых, хто аказваў супраціўленне – расстрэльвалі. Было расстраляна чалавек 200. А астатніх сабралі ў гета за   калючы дрот, туды, куды яны збіралі яўрэяў. Ім гаварылі, што гэта ваша гасцініца, вы яе будавалі для кагосьці, а прыйшлося выпрабоўваць вам самім гэты калючы дрот. Праз паўтара  тыдні ўсіх радавых партызан забралі на фронт, а камандны састаў пакінулі для аднаўлення  мясцовай улады. (Дадатак 5)

Такім чынам, Аляксандр Іванавіч Дзяшук прайшоў  усю  вайну, узнагароджаны Ордэнам Вялікай Айчыннай вайны і Ордэнам Чырвонай зоркі.

Пасляваенны     лёс

Наступіла мірнае жыццё. Аляксандр Іванавіч ажаніўся. Жонка яго была родам  з вёскі Ацмінава. Да 1949 года ён працаваў старшынёй Сельскага савета ў  вёсцы Бердаўка Лідскага раёна. Тут і нарадзілася дачка Тамара. Але пасля вайны былі іншыя цяжкасці: існавалі сілы, якія не імкнуліся аднаўляць разбураную вайной гаспадарку, былі пагрозы ўласнаму жыццю і сям’і. Бацькі патрабавалі, каб пакідаў работу і пераязджаў дадому, бо сям’я ледзь не загінула ў вайну.

  Ён паслухаўся, так і зрабіў. Пераехаў у Трасцянку на хутар, у бацькоўскую хату. Хутка пачалі будаваць сваю хату ў вёсцы Уселюб (у ёй цяпер жыве сын Яўген з сям’ёй). Працаваў на цагляным заводзе ў вёсцы Марцулі, затым загадчыкам гаспадаркі ва Уселюбскай бальніцы. Нарадзіліся яшчэ два сыны: Уладзімір і Яўген. Уладзімір працаваў доўгі час старшынёй калгаса “Нягневічы” Навагрудскага раёна. Яўген працуе ў СВК “Уселюб”.

Аляксандр Іванавіч  быў вельмі працалюбівым, адказным, любіў жыццё і людзей. Дачка Тамара Аляксандраўна ўспамінае, што бацька заўсёды гаварыў, што дабро людзей ратуе. Ён вёў актыўнае грамадскае жыццё, быў частым госцем на розных урачыстасцях, выступаў перад моладдзю (Дадатак 3). Таксама ён падтрымліваў сувязі са сваімі аднапалчанамі (Дадатак 4).

22 чэрвеня 1980 года пасля цяжкай хваробы перастала біцца сэрца Аляксандра Іванавіча Дзешука. Многа ўдзячных патомкаў выйшлі правесці яго ў апошні шлях. Сярод іх было нямала і аднапалчан.

 Награжден

Орден Отечественной войны II-й степени
1948
Представлен к награде
Медаль «Партизану Отечественной войны» I-й степени , Орден Отечественной войны I-й степени , Орден Красной Звезды

 


 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Комментариев нет:

Отправить комментарий